ВЕТЭРЫНА́РНА-САНІТА́РНАЯ ЭКСПЕРТЫ́ЗА,

1) навуковая дысцыпліна, якая вывучае і распрацоўвае метады сан.-гігіенічнай ацэнкі прадуктаў жывёльнага паходжання. Накіравана на папярэджанне захворванняў людзей на хваробы, узбуджальнікі якіх перадаюцца праз харч. (мяса, малако, рыба, яйцы), кармавыя, сыравінныя (футра, шэрсць, пух, пер’е і інш.) прадукты жывёлагадоўлі. Сфарміравалася ў 20 ст. 2) Вызначэнне дабраякаснасці прадуктаў жывёльнага паходжання. Праводзяць на прадпрыемствах мяса-малочнай прам-сці, рынках, пунктах забою жывёлы. Кантроль за правільнасцю правядзення ветэрынарна-санітарнай вядуць органы дзярж. вет. інспекцыі (гл. Ветэрынарна-санітарны нагляд).

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)